Як манетызаваць свае акаўнты ў сацыяльных сетках. Гісторыя адной студэнткі
Сацыяльныя сеткі – рухавік у моры інфармацыі пачатку 21 стагоддзя. Дзе ёсць інфармацыя – ёсць і людзі, дзе ёсць людзі – робяцца справы, а дзе робяцца справы – водзяцца грошы. А калі дзесці ёсць грошы, то МТБлог ідзе туды, каб разабрацца ў тым, як іх зарабіць, і потым распавесці вам аб гэтым.
Гераіня нашага сённяшняга матэрыялу – беларуская студэнтка Паліна, якая вырашыла раскруціць акаўнты ў сацыяльных сетках і зарабляць на іх. Цяпер у яе ёсць кулінарны канал “Кушай, дорогой” на 25 000 чалавек у тэлеграме і ўласны профіль у інстаграме на 16 000 падпісчыкаў. Сёння Паліна дзеліцца з намі сваім вопытам і расказвае, што лепш за ўсё прыцягвае аўдыторыю, якіх памылак нельга рабіць пачаткоўцам, колькі спатрэбіцца ўкласці ў справу для старту, і колькі можна на гэтым зарабіць.
– Як ты прыйшла да жадання раскручваць свае акаўнты у сацыяльных сетках?
– Усё пачалося з тэлеграму. Я стала падпісвацца на розныя каналы, бачыла, што яны публікуюць рэкламу, і мяне гэта зацікавіла. У майго мужа Вані быў знаёмы, які валодае некалькімі тэлеграм-каналамі, і ён расказаў, што можна ледзь не $1000 зарабляць на продажы рэкламы ў тэлеграм. Тады мы разам з мужам вырашылі стварыць свой першы вельмі просты канал – з мемамі і жартамі. Набіўшы на ім руку, зрабілі такі самы, але ў сферы кулінарыі, і пачалі яго раскручваць, купляючы рэкламу. З гэтага пачаўся тэлеграм. А інстаграм я рэкламавала ўжо ў раскручаным тэлеграм-канале і людзі прыходзілі адтуль.
– Атрымліваецца, на інстаграм грошай зусім не спатрэбілася?
– Ну, не зусім, мы таксама рэкламілі, але максімум даляраў на 100 – не больш.
– Якая ў цябе была стратэгія развіцця?
– Першым чынам мы планавалі абапірацца на куплю рэкламы. І прыкладна уяўляючы мэтавую аўдыторыю – гэта кулінарны канал – мы думалі, што пераважна нас будуць чытаць жанчыны. Шукалі каналы з тэматыкай накшталт макіяжу, стылістаў, жаночых лайфхакаў, каб прарэкламаваць у іх сябе. Але па выніку так атрымалася, што да нас чамусці прыйшло і шмат мужчын.
Таксама мы вызначыліся з перыядычнасцю: у канале з жартамі пасты былі 3 разы на дзень. У канале з рэцэптамі новы пост выходзіў праз дзень. Фатаграфавала стравы для публікацый я сама.
З інстаграмам асаблівай стратэгіі не было, мы проста рэкламавалі яго ў тэлеграме. Адзінае што, у мяне былі праблемы з фотакантэнтам і я пару разоў хадзіла на фотасесіі, каб ён у мяне з’явіўся. Адносна тэкстаў я вырашыла, што буду пісаць па рубрыках і даваць парады наконт таго, што паспрабавала сама: кіно, кнігі, музыка, стравы і іншыя рэчы. То бок гэта мой акаўнт, у якім я нешта раю людзям.
– Як правільна наладзіць рэкламу і максімальна эфектыўна рэалізаваць свае грошы?
– Тут адразу трэба зразумець, што таргетынг – гэта насамрэч вельмі дорага, нягледзячы на тое, што ўсе думаюць, што гэта найбольш просты спосаб, маўляў: “Я проста задам у наладах патрэбную аўдыторыю, і рэкламу пабачаць якраз усе “мае”.
Ёсць дакладна распрацаваная стратэгія, як абраць эфектыўную рэкламу. Трэба спачатку паспрабаваць некалькі розных варыянтаў. Напрыклад, першы варыянт з фота, другі з відэа, трэці са слайдам фотаздымкаў, паспрабаваць рэкламу ў сторыс, а таксама таргетынг – і кожны з іх па тры дні. А потым па выніках паглядзець, што было эфектыўней. На больш доўгі час з першага разу запускаць рэкламу дакладна не мае ніякага сэнсу.
Таксама па грошах больш эфектыўна даваць рэкламу у лідараў меркаванняў: іншых блогераў з тэматыкай, якая цікавіць і тваю мэтавую аўдыторыю.
– Ёсць у справе падводныя камяні? На што трэба глядзець тым, хто пачынае?
– Ну, па-першае, гэта рэгулярнасць: табе трэба кожны дзень публікаваць пасты, кожны дзень публікаваць фотаздымкі. Зноў жа, здымкі павінны быць якаснымі. Канешне, часам знікае і натхненне, як і ў любой працы. У мяне бывае, што я не ведаю, аб чым напісаць. Але важней парады, чым рабіць рэгулярныя пасты, я даць не магу.
Яшчэ ёсць складанасці з тым, што сустракаецца махлярства. Напрыклад, мы аднойчы павяліся на такое: нам прапанавалі рэкламу ў канале 4chan [140 000 падпісчыкаў, МТБлог] за 50 даляраў. Нікнэйм чалавека, які нам пісаў, выглядаў дакладна так, як і нікнэйм уладальніка 4chan, толькі апынулася, што замест l (L) у яго імі стаяла I (i). У шрыфце тэлеграма выглядае амаль аднолькава, але нікнэйм іншы. Мы перавялі яму грошы, і ніякай рэкламы не выйшла.
– Ты аналізуеш статыстыку, выкарыстоўваеш якія-небудзь праграмы?
– З праграм карыстаюся толькі стандартнай статыстыкай у інстаграме, а ўвогуле я сама заводжу табліцу і праз 2,5 гадзіны пасля выхаду паста, калі ўся актыўная аўдыторыя ужо прайшла, я раблю скрыны, потым выпісваю з іх і аналізую усю інфармацыю, каб бачыць, у які час, якія дні і якія пасты лепш за ўсё заходзяць.
– Кантэнт план ты будуеш на аснове гэтай статыстыкі?
– Кантэнт план я пішу так: занатоўваю ідэі для пастоў, прымацоўваю прыклад фота, якое там павіннна быць, і прымацоўваю прыкладны тэкст. Я не расстаўляю публікацыі канкрэтна па датах, таму што у нас ўсё досыць сітуацыйна: я спрабую штосці новае і аб гэтым расказваю. Ужо потым, калі выпадае пэўны дзень і я разумею, што якраз такі пост будзе сёння ў тэму, публікую яго.
– Колькі часу ў дзень у цябе сыходзіць на вядзенне акаўнтаў?
– Гадзіны паўтары сыходзіць на інстаграм, калі ўлічваць таксама і прагляд статыстыкі, а напісанне рэцэпта ў кулінарны канал як правіла займае паўгадзіны. Атрымліваецца каля 2 гадзін на дзень.
– Ёсць лайфхакі па павялічэнні аўдыторыі?
– Ёсць першы і галоўны: ніколі не накручвайце аўдыторыю – упадзеце ў мінус наколькі магчыма па ўсіх параметрах, упадзе вашая статыстыка, а потым і сацыяльная сетка пачне зніжаць колькасць вашых паказаў.
Самае лепшае, што прыводзіць аўдыторыю – карысны кантэнт, то бок калі ты даеш падпісчыку інфармацыю, якую ён зможа выкарыстаць. Ты можаш нават проста прачытаць кнігу і коратка распавесці пра яе змест, параіць людзям, і пасля яе заўсёды будзе больш падабаек і прыйдзе больш падпісчыкаў, чым калі ты проста выкладзеш сваю фотку.
– Калі ты пачала зарабляць на сваіх старонках?
– Спачатку мы ўклалі ў прасоўванне кулінарнага каналу даляраў 200-300, а пасля сталі спрабаваць пажынаць першыя вынікі. Тады ў канале было прыкладна 5000 падпісчыкаў.
Многія пляцоўкі ў тэлеграме прыходзяць да патэнцыйных пакупнікоў з прапановай, маўляў: “Ці не хочаце вы ў нас купіць рэкламу?”. Мы не хацелі такім чынам працаваць і чакалі, пакуль людзі самі прыйдуць да нас.
– І які кошт вы паставілі за адну публікацыю?
Адзін рэкламны пост у кулінарным канале каштуе 15 даляраў. Не магу сказаць, што гэта шмат. Часам я проста не на ўсю рэкламу згаджаюся. Нават далёка не на ўсю, таму што пішу ад сябе. Лепш я прадам 3-4 пасты ў месяц, але яны будуць якасныя. У сярэднім з канала за месяц выходзіць 50-70 даляраў.
– А ў інстаграме прадавала рэкламу?
– У інстаграме я вельмі разборлівая. Напрыклад, мне прапаноўвюць прарэкламаваць чахлы для тэлефонаў, а я сама ніколі ў жыцці імі не карысталася, таму адмаўляюся. Тут часцей за ўсё я рэкламую па бартары, бо 16 000 падпісчыкаў гэта яшчэ не такая вялікая лічба для інстаграма, каб браць сур’ёзныя грошы. Я хадзіла на педзікюр бясплатна, мне шылі бялізну бясплатна так, каб я пра яе распавяла.
– Як адабраць добрага рэкламадаўцу і не згубіць давер аўдыторыі?
– Я спачатку спрабую рэч сама, і калі гэта класна, то параю, прарэкламую і скажу, што гэта рэклама. Калі мне шылі вопратку, мы дамовіліся адразу, што калі мне не спадабаецца, я за яе заплачу, але не буду рабіць рэкламную публікацыю. Вядома, я заплачу не поўную суму, таму што сама я б да іх тады не ішла. Як правіла, усе на падобныя прапановы кажуць “Акей”.
– Атрымліваецца, што гэта хобі, а не асноўная праца? Ісці ў гэтую справу, як у бізнес мае сэнс?
– Не, для мяне гэта хобі, і мне складана ўявіць, як зарабляць 1000 даляраў на рэкламе. Але! У майго мужа быў яшчэ адзін канал на тэматыку крыптавалют, і яго мы прадалі якраз за 1000 даляраў, калі там было 7000 падпісчыкаў. Дагэтуль там публікавалася рэклама, а потым да нас прыйшоў яе замоўца і сказаў, што ён хоча купіць канал не больш, чым за $1000, і мы такія: “Ваў, нам падыходзіць!”
– Якія сацсеткі на сёння самыя перспектыўныя? Што параіш каб пачынаць?
– Ну, дакладна не ва Ўкантакце, бо папулярнасць у яго апошнім часам абсалютна ўпала і статыстыка стала не вельмі добрай. Напэўна, для кампаній падыйдзе традыцыйны Фэйсбук, а прасцей за ўсё раскручваць персанальны акаўнт у Інстаграме. Хаця я ужо таксама пакрысе адыходжу ад яго. Думаю, у бліжэйшыя пару год Інстаграм заменяць TikTok або падкасты.
5 парад для манетызацыі свайго акаўнта ў сацыяльных сетках ад Паліны
- Вызначцеся з тэматыкай сваіх старонак і адказна падыйдзіце да стварэння кантэнту. Якасны кантэнт – палова поспеху.
- Уявіце партрэт вашага патэнцыйнага падпісчыка. Толькі на аснове дакладна вызначанай мэтавай аўдыторыі вы зможаце рабіць эфектыўную рэкламу.
- Купляйце рэкламу толькі ў правераных крыніцах і спрабуйце розныя яе фарматы. Так вы зможаце пазбегнуць лішніх грашовых страт.
- Будзьце сумленнымі з аўдыторыяй і самі не рэкламуйце дрэнныя рэчы. Заўсёды самастойна правярайце тое, што вам прапаноўваюць рэкламаваць.
- Ніколі не накручвайце падпісчыкаў!
__
Апынаецца, што завесці вялікую аўдыторыю ў сацыяльных сетках – справа падобная і да любога іншага бізнесу: складаеш план, укладваеш грошы і працуеш. Аднак, каб атрымліваць сапраўды вялікія грошы, трэба мець і вялізарныя ахопы, а значыць, спатрэбіцца шмат часу і інвестыцыі. Таму спачатку вызначцеся, ці гатовыя вы зрабіць гэта сваёй асноўнай справай па жыцці.
Люди делятся на две категории: тех, кто активно пользуется манибэком, и тех, кто не может подобрать себе подходящую пла...
В апреле 2014 года Халва вышла на старт с тремя сотнями магазинов в качестве партнеров и под лозунгом «карта рассрочки ...
Как купить квартиру и не прогадать? Подводных камней очень много, и мелочей, на которые надо обратить внимание, тоже не...
Устрицы, шоколад ручной работы, дыни с Хоккайдо: весь гастрономический мир сегодня у нас в руках. А бывает дорого, вкус...