Ссылка успешно скопирована!

  Гэта кіберспорт, дзетка! Як і колькі можна зарабіць, гуляючы ў камп’ютарныя гульні?

6272
22
Время чтения: 6 минут (-ы)

Кіберспорт рушыць па свеце сямімільнымі крокамі. Тыя рабяты, якія ў нулявыя ўвесь час праводзілі ў падвальным камп’ютарным клубе, цяпер выйграюць мільёны на сусветных чэмпіянатах. Канешне, не кожны становіцца суперзоркай, аднак нават гульцы з не самых вядомых каманд робяць гэты спорт сваёй асноўнай прафесіяй. Сёння разбіраемся, як гэта адбываецца, як такому навучыцца і колькі кіберспорт можа прынесці.

Спосабы заробку на камп’ютарных гульнях

Нягледзячы на тое, што кіберспорт можа здавацца сферай з толькі адной магчымай дзейнасцю – непасрэдна гульнёй – акрамя яе ён мае шмат звязаных з сабой заняткаў. Адпаведна і зарабляць грошы тут можна па рознаму. Вы можаце стаць прафесійным спартоўцам, можаце каментаваць турніры і гульні, таксама можна стаць блогерам, ствараць кантэнт і праводзіць стрымы, а можна нават гандляваць унутрыгульнёвымі рэчамі. Каб даць поўнае уяўленне пра індустрыю, варта падрабязней апісаць кожны з заняткаў.

Спосаб 1. Стаць прафесійным гульцом

Канешне, гэта самы працаёмкі з відаў дзейнасці ў кіберспорце, але пры дасягненні значнай вышыні здольнасцяў у вас будуць усе шанцы патрапіць у моцную каманду і разам з ёй прыйсці да поспеху.

Індустрыя кібер-спаборніцтваў прыцягвае да сябе ўсё больш увагі. Па агульных падліках, кожны год ахоп яе гледачоў павялічваецца на 14% і, па прагнозах аналітыкаў, да 2021 дасягне лічбы ў паўмільярда чалавек. Гэта яшчэ не столькі людзей, колькі сочыць за футболам, аднак ужо вельмі значная лічба для таго, каб прызавыя фонды чэмпіянатаў маглі дасягаць некалькіх мільёнаў даляраў.

Але ніша жыве не толькі некалькімі вялікімі чэмпіянатамі раз на год, а заробак гульца складаецца не з адных толькі прызоў. Каманды напрацягу ўсяго года ўдзельічаюць у розных па маштабе спаборніцтвах, а гульцы маюць пастаянны заробак дзякуючы рэкламным і спонсарскім кантрактам. Толькі звычайны заробак суперзорак можа складаць да $15 000 ў месяц без уліку прызавых. Аднак не варта думаць, што зарабляюць у кіберспорце толькі яны. З пашырэннем папулярнасці справы ў яе прыйшлі і грошы, таму нават паўпрафесійыя каманды могуць забяспечыць сваім гульцам заробак да пары тысячаў даляраў у месяц дзякуючы ўдзелу ў розных лакальных чэмпіянатах.

Варта зазначыць, што для таго, каб вы маглі атрымліваць годны заробак дзякуючы кіберспорту, узровень вашых здольнасцяў нават на паўпрафесійным узроўні павінен быць досыць высокім. Зусім пачаткоўцы ў справе звычайна могуць разлічваць на лічбы каля $200 ў месяц, але і для гэтага патрэбны трэніроўкі. Па словах чэмпіёнаў, яны трэніруюцца па 6-8 гадзін на дзень. Гульцы больш аматарскага ўзроўню выдаткоўваюць на гульню каля 3-4 гадзін штодзённа.

Спосаб 2. Стаць каментатарам

Калі з самім геймінгам не ўсё атрымліваецца, але вы адчуваеце свае здольнасці ў аратарскім жанры, можаце паспрабаваць сябе ў ролі каметатара гульняў. Яго прафесія, як і ў больш звычным спорце, зводзіцца да падтрымкі эмацыйнага накалу падчас матчу, разбору дзеянняў гульцоў і ўтрымання ўвагі гледача. Для гэтага каментатар, акрамя сваіх аратарскіх здольнасцяў, павінен так ці інакш мець вопыт у той гульні, з якой ён працуе, памятаць  усіх яе персанажаў, разбірацца ў стратэгіях і тактыках, ведаць спецыяльную лексіку і шмат іншага.

Каб стаць каментатарам, неабходна патрапіць на кіберспартыўную студыю, якая займаецца агучваннем матчаў. Для гэтага варта звязацца са студыяй, якая вас цікавіць, і прапанаваць ёй сваю кандыдатуру на ўмовах пачаткоўца або сачыць за з’яўленнем вакансіяў. Ёсць дзве вялікія і вельмі папулярныя студыі Starladder і RuHub, а таксама пэўная колькасць невялікіх накшталт OneTwo або Minecast. Калі вы толькі пачынаеце свой шлях, менавіта невялікія студыі змогуць даць вам першы вопыт у каментаванні.

У гэтай справе, як і паўсюль, вельмі цэніцца вопыт, таму ў пачатку ёсць высокая верагоднасць таго, што працаваць прыйдзецца бясплатна ў фармаце стажырўкі. Але чым больш вопыту вы будзеце набываць, тым больш грошай зможаце прасіць за сваю працу. Каментатарам-пачаткоўцам плоцяць ад $3 да $10 за адну адпрацаваную гульню. У штаце звычайнай студыі на правах каментатара-пачаткоўца, але ўжо з пэўным вопытам, можна зарабляць $700-1000 у месяц. Таксама заробак вельмі моцна залежыць ад вашай медыйнасці і папулярнасці ў гледачоў, таму актыўнасць ў прафесійным асяроддзі, сацыяльных сетках і пабудова ўласнага іміджу з цягам часу ўздымаюць гэтую лічбу вышэй.

Калі каментатар становіцца вельмі папулярным і яго любіць публіка, арганізатары буйных турніраў (напрыклад, The International) або стваральнікі гульняў могуць прапанаваць менавіта яму каментаваць матчы падчас сваёй падзеі. На сусветна вядомых мерапрыемствах праца прафесійнага і папулярнага каментатара можа ацэньвацца ў $2500 і нават болей за адну гульню.

Спосаб 3. Стаць стрымерам

У свеце камп’ютарных гульняў шырокі распаўсюд мае свой уласны падвід відэаблогінга – стрымінг. Яго сутнасць у анлайн трансляцыі вашай гульні для ўсіх, хто жадае паназіраць за гэтым. Праца стрымера часткова злучае ў сабе працу як кіберспартоўца, гэтак і каментатара, бо вы адначасова і заняты працэсам гульні, і каментуеце свае дзеянні або падтрымліваеце размову з гледачамі, каб ім цікава было сачыць за тым, што адбываецца на экране.

Пры гэтым стрымінг не ставіць жорсткіх рамак у плане прафесійнай падрыхтаванасці, так як па сутнасці вы працуеце сам на сам з сабой і са свайго ўласнага дома. Аднак не варта думаць, што тут можна нічога не рабіць і грошы самі прыйдуць да вас. Вы ўсё ж павінны ўмець гуляць, а таксама быць харызматычным і месць уласны стыль у камунікацыі, каб аўдыторыі было цікава заставацца на вашым стрыме і сачыць за вамі.

Весці стрымы можна на самых разнастайных пляцоўках накшталт Twitch, GoodGame, YouTube, Hitbox, Azubu і многіх іншых. Сярод геймераў асаблівай папулярнасцю карыстаецца менавіта Twitch. Для стрымінгу вам спатрэбіцца моцны камп’ютар, які адначасова можа працаваць у цяжкіх гульнях і весці якасную трансляцыю, хуткі інтэрнэт (ад 100Мбіт/с), якасная відэакамера, мікрафон і такама асвятляльныя прыборы, каб выява на экранах гледачоў была якаснай. Такі камплект можа каштаваць ад $1500 да $3000.

Асноўны заробак стрымераў складаецца з данатаў – дабрачынных ахвяраванняў ад гледачоў – і рэкламных інтэграцый або партнёрскіх кантрактаў са стрымінгавым сервісам. Логіка простая – чым больш гледачоў, тым больш заробак. Стрымеры, аўдыторыя якіх з’яўляецца плацёжаздольнай, на 1000-2000 праглядаў падчас кожнай трансляцыі могуць зарабляць да $1500-2000 у месяц. Калі аўдыторыя пераважна складаецца з падлеткаў, якія яшчэ не маюць уласнага заробку, гэтая лічба будзе знаходзіцца ў раёне $700. Аднак такую колькасць гледачоў атрымаць адразу не проста і пабудова свайго стрымерскага каналу таксама зойме пэўны час. У самым пачатку, яшчэ да таго, як набрэце аўдыторыю, вы не будзеце зарабляць на стрымах амаль нічога або будзеце вельмі мала.

Варта адзначыць, што сярод стрымераў, як і сярод кіберспартоўцаў, таксама ёсць звышпапулярныя зоркі, заробак якіх дасягае звыш за 1,5 мільёна даляраў у год, але такіх прыкладаў няшмат.

Спосаб 4. Гандляваць унутрыгульнёвымі рэчамі і аказваць паслугі іншым гульцам

Некаторыя камп’ютарныя гульні, такія як Dota 2 або CS:GO, звязаны з атрыманнем унутры самой гульні пэўных рэчаў, прадметаў, зброі, вопраткі і іншых бонусаў, якія не з’яўляюцца жорстка неабходнымі, але іх можна выкарыстаць для змянення свайго персанажа, надання яму унікальнасці, узмацнення арсеналу і падобных рэчаў. Як правіла, такія гульнёвыя айтэмы можна атрымаць за перамогі, і калі новыя рэчы вам непатрэбны, іх можна прадаць на платформе Steam.

Калі гандляваць толькі сваімі айтэмамі, такі заробак нельга будзе назваць пастаянным, бо атрыманне унутраных рэчаў у гульні зусім не падобна да канвееру. Аднак можна пайсці на крок далей і заняцца трэйдынгам, купляючы у іншых гульцоў рэчы па адным кошце і потым прадаючы даражэй. Такая дзейнасць можа прынесці каля $500-700 у месяц.

Яшчэ адзін з варыянтаў заробку ўнутры самой гульні – дапамога іншым гульцам у паляпшэнні іх акаўнта або персанажа, або продаж уласных развітых акаўнаў. У першым выпадку чалавек, які жадае адразу гуляць на высокіх узроўнях і не страчваць свой час на распампоўку персанажа, знаходзіць гульца, які за грошы згодны дасягнуць пэўнага ўзроўня за уладальніка акаўнта.

Калі вы не супраць стаць такім гульцом і дапамагчы камусці, працу можна знайсці двума спосабамі. Першый – у тэматычных супольнасцях па канкрэтнай гульні ў сацыяльных сетках, дзе вы можаце прапанаваць свае паслугі ўласна або знайсці кліента, які шукае дапамогі. Другі спосаб – “бустынгавыя агенцтвы”, якія ўяўляюць з сябе анлайн аб’яднанні ўсіх жадаючых атрымаць грошы за развіццё чужых акаўнтаў. Такія аб’яднанні часта прадстаўлены ў інтэрнэце сайтамі-лэндынгамі, і ўсе іх гульцы-удзельнікі, якія тут называюцца драйверамі, пераважна працуюць аддалена, ім не патрэбен офіс і уласныя сустрэчы. Гэтыя агенцтвы утвараюцца для спрашчэння пошука кліентаў, якія хочуць развіць свой акаўнт, і вакансіі на працу з’яўляюцца часта, так што варта проста сачыць за іх дзейнасцю.

Адной з варыяцый такога бустынгу з’яўляецца развіццё моцнага акаўнту самастойна і наступны продаж яго чалавеку, які адразу хоча атрымаць высокі ўзровень у гульні.

Фіксаваны заробак у такіх выпадках назваць складана, таму як колькасць атрыманых грошай будзе залежаць ад кожнай канкрэтнай дамоўленасці і аб’ёму працы з акаўнтам або персанажам.

________

З таго часу, як камп’ютарныя гульні афіцыйна прызналі спортам, яны развіліся ў вялікую сферу бізнесу не толькі для сваіх стваральнікаў, але і для гульцоў. Гэта новы від дзейнасці, і з развіццём тэхналогій у яго разгортваецца ўсё большы патэнцыял. Ужо сёння кіберспорт дазваляе зарабляць грошы як паўнавартасная праца. І калі вы заўсёды адчувалі, што камп’ютарныя гульні – гэта вашае, то чаму б не паспрабаваць?

Читайте нас в Telegram первыми узнавайте о новых статьях!
Вас также может заинтересовать
29 Июл 2024 · Лайфхаки Манибэчим правильно. Обзор карт с манибэком в Беларуси

Люди делятся на две категории: тех, кто активно пользуется манибэком, и тех, кто не может подобрать себе подходящую пла...

1931
1
6 минут(ы)
09 Апр 2024 · Лайфхаки Ликбез: как правильно пользоваться Халвой

В апреле 2014 года Халва вышла на старт с тремя сотнями магазинов в качестве партнеров и под лозунгом «карта рассрочки ...

5080
13
5 минут(ы)
27 Мар 2024 · Лайфхаки Покупка квартиры: 7 распространенных ошибок, которых нужно избегать

Как купить квартиру и не прогадать? Подводных камней очень много, и мелочей, на которые надо обратить внимание, тоже не...

5036
7
6 минут(ы)
25 Мар 2024 · Лайфхаки Дорого и выгодно: собираем богатое недельное меню на скидках

Устрицы, шоколад ручной работы, дыни с Хоккайдо: весь гастрономический мир сегодня у нас в руках. А бывает дорого, вкус...

4299
3
6 минут(ы)